РУ БЕ EN

Сакрэты паспяховага ўзаемадзеяння з бацькамі ведае настаўнік пачатковых класаў Сяргей Верамейчык

20.10.2023
Свой першы ўрок настаўнік пачатковых класаў гімназіі № 1 Салігорска Сяргей Верамейчык правёў, калі вучыўся ў 10 класе. Без сумненняў, гульня ў педагога школьніку спадабалася. Інакш як растлумачыць тое, што ўжо 30 гадоў ён прыходзіць у гімназію ў адной і той жа ролі? Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

 

Калі вучыўся ў школе, Сяргей Верамейчык планаваў, што далей пойдзе ў ваеннае вучылішча: тады пра гэта марылі ўсе хлопчыкі. Але ўсё змяніў выпадак.

“Неяк маміна знаёмая, якая працавала дырэктарам у вясковай школе, спытала, ці не хачу паспрабаваць сябе ў ролі настаўніка, — успамінае педагог. — Я згадзіўся. Было вельмі цікава, як на мяне адрэагуюць вучні, ці будуць слухаць. Мне так спадабалася, што з будучай прафесіяй я вызначыўся ў той жа дзень”.

Пасля заканчэння Мінскага педагагічнага інстытута імя А.М.Горкага (сёння БДПУ) малады спецыяліст прыехаў па размеркаванні на першае рабочае месца, у гімназію № 1 Салігорска.

“У верасні споўнілася 30 гадоў, як працую настаўнікам пачатковых класаў, — працягвае дзяліцца С.Верамейчык. — Ні разу за гэты час не было адчування, што выбраў не тую прафесію. Працаваць з маленькімі дзецьмі мне вельмі цікава”.

Калі ў гімназіі ідзе набор у першы клас, бацькі, падаючы дакументы, цікавяцца, ці можна пайсці вучыцца да Сяргея Аляксанд­равіча. Дзякуючы прафесіяналізму і ўменню знаходзіць агульную мову з учарашнімі дашкольнікамі, жадаючых трапіць у клас да педагога заўсёды многа. Разважаючы над тым, як удалося заваяваць аўтарытэт сярод бацькоў, настаўнік лічыць, што галоўную ролю адыгрывае аднолькавае стаўленне да ўсіх навучэнцаў.

“У мяне няма сакрэтаў у плане ўзаема­дзеяння з дзецьмі, — сцвярджае педагог. — Але ёсць дакладнае разуменне, што з кожным маленькім вучнем трэба размаўляць на роўных і ставіцца да ўсіх аднолькава, нікога не вылучаючы. Зразумела, усіх дзяцей па адной схеме не навучыш, бо ўсе яны розныя. Заўсёды гавару бацькам падчас сходаў, што дакладна гарантую аднолькавае стаўленне да ўсіх. Для мяне няважна, якое перада мной дзіця і з якой сям’і. Дастаткова таго, што яно сядзіць у класе, а значыць, я буду яго вучыць. Паспяховасць кожнага навучэнца — гэта асобнае пытанне, і яна ніяк не ўплывае на цэласнае ўспрыманне вучня”.

Урокі Сяргея Аляксандравіча — гэта не вучэбная лекцыя, падчас якой трэба сядзець смірна і слухаць настаўніка. Урок педагога — гэта пастаяннае ўзаемадзеянне з вучнямі, гэта дыялог і спрэчкі, а таксама жарты. Без іх, дарэчы, не абыходзяцца ні адны заняткі.

“Я вельмі люблю пажартаваць, каб атмасфера ў класе была дружалюбнай і спагадлівай, — прызнаецца настаўнік. — Безумоўна, калі трэба, магу павысіць голас. Што хаваць: дысцыпліна ў класе павінна быць. Але мае вучні на гэта не крыўдзяцца, яны ўсё ўспрымаюць правільна. За ўвесь час работы ў школе пасля ўрокаў пакрыўджаным не выйшла ні адно дзіця”.

Нягледзячы на тое, што ўсе вучні па-рознаму ўспрымаюць і засвойваюць інфармацыю, Сяргей Верамейчык імкнецца да таго, каб яго дзеці пастаянна павышалі ўзровень сваіх ведаў.

“Магчыма, у мяне бываюць завышаныя патрабаванні да дзяцей, але гэта толькі з-за таго, што мне хочацца, каб яны добра вучыліся, — адзначае педагог. — Падчас бацькоўскіх сходаў таксама гавару пра тое, што вышэй галавы не скокнеш, але імкнуцца да лепшага, безумоўна, трэба”.

Сакрэт паспяховай вучобы, са слоў настаўніка, вельмі просты: дастаткова навучыцца слухаць педагога. Але настаўніку ў гэтым адводзіцца самая важная роля: умела і даступна тлумачыць вучэбны матэрыял, каб ён быў лёгкім для ўспрымання.

“Няма нічога лепшага за крэйду і дошку, — прыводзіць факты Сяргей Верамейчык. — Калі навучэнцу нешта незразумела, выклікаю яго да дошкі і мы разам разбіраемся з тым, што выклікала цяжкасці”.

У навучанні дзяцей вялікая роля нале­жыць і падтрымцы бацькоў. Настаўнік пачатковых класаў нагадаў, што ў многім ад правільных адносін дарослых да дзіцяці залежаць яго поспехі ў вучобе.

“Дзеці знаходзяцца ў школе пэўны час, а калі глядзець у межах урока, то на засваенне некаторых ведаў адводзіцца толькі 45 мінут, — тлумачыць педагог. — Натуральна, што для больш грунтоўнага ўспрымання матэрыялу малым трэба дапамагчы з гэтым дома. Бацькі і педагог павінны працаваць у тандэме: чаго патрабую я, таго трэба патрабаваць і бацькам. Толькі дзякуючы такому падыходу (калі мы ўзаемадзейнічаем з сям’ёй як каманда), можна разлічваць на высокі вынік”.

Настаўніку часта даводзіцца сутыкацца з тым, што бацькі патрабуюць ад дзяцей больш, чым тыя насамрэч могуць. Завышаныя амбіцыі — гэта самы дакладны спосаб адбіць у дзіцяці ахвоту вучыцца. З такімі дарослымі ў педагога размова кароткая. Зразумела, што бацькам цяжка ўспрыняць тое, што іх дзеці могуць згубіцца на фоне іншых навучэнцаў.

“Пастаянна нагадваю, што не трэба патрабаваць ад дзіцяці звыш таго, чым яно можа ўзяць, — падкрэслівае Сяргей Верамейчык. — Так, адзнакі ва ўсіх розныя, але я тлумачу ўсім аднолькава і адной мовай. Калі маме хочацца задаволіць свае амбіцыі, яна можа дадаткова займацца з дзіцем, пісаць кантрольныя і выконваць іншыя падобныя заданні. Так, ад гэтага будзе эфект. Але ці варты ён таго?”

Падтрымліваць вучэбную цікавасць у класе педагогу дапамагаюць шчырыя размовы з маленькімі навучэнцамі. Сяргей Аляксандравіч нагадвае дзецям, што тое, пра што ён гаворыць, у першую чаргу патрэбна менавіта ім. Дарэчы, настаўнік упэўнены, што адзнака — гэта не самае важнае, гэта толькі ацэнка, якая паказвае, як сёння працаваў вучань. Веды, з якімі дзеці ўстаюць з-за парты, намнога важнейшыя за тыя балы, што выстаўлены ў дзённіку.

Але адзнакі для некаторых вучняў застаюцца інструментам матывацыі. Педагог заўважае, што такіх дзяцей вызначыць вельмі лёгка.

“У той час, калі некага з вучняў адзнакі добра стымулююць, іншыя да іх ставяцца раўнадушна, — зазначае С.Верамейчык. — Зноў жа, многае залежыць ад бацькоў. Ёсць мамы, для якіх прынцыпова, каб дзіця
было выдатнікам”.

І ў паход, і на лёд

Не толькі вучоба і выхаванне дзяцей аб’ядноўваюць настаўніка і бацькоў. Штогод Сяргей Верамейчык разам з сем’ямі сваіх навучэнцаў арганізуе паходы і пікнікі. Педагог ужо не аднойчы заўважаў, што такая пазаўрочная сумесная дзейнасць станоўча ўплывае на зносіны паміж сям’ёй і школай.

“Традыцыя збірацца разам з бацькамі і дзецьмі ў нас склалася вельмі даўно, колькі працую ў школе, — звяртае ўвагу педагог. — Да сумесных паходаў прыцягваю дзяцей, пачынаючы з 1 класа. Калісьці прапанаваў гэтую ідэю свайму самаму першаму класу, і мяне ўсе падтрымалі. Падчас адпачынку на прыродзе мы абмяркоўваем шматлікія пытанні, не толькі звязаныя з выхаваннем дзяцей, гуляем у розныя гульні. Такія пазаўрочныя мерапрыемствы карысныя ў першую чаргу тым, што дазваляюць у неафіцыйнай атмасферы пазнаёміцца бліжэй”.

Бацькі, калі знаходзяцца з настаўнікам па-за тэрыторыяй школы, бачаць, што педагог — гэта ў першую чаргу чалавек, якому можна давяраць, якому неабыякавы лёс іх дзяцей. Сёння да паходаў далучаюцца не толькі трэцякласнікі, якіх ву­чыць Сяргей Аляксандравіч, іх мамы і таты, але і былыя вучні педагога, якія ўжо даўно займаюцца ў старшай школе.

Разважаючы пра ролю першага настаўніка для дзяцей, Сяргей Верамейчык згадзіўся, што ён не менш за бацькоў павінен быць для малышоў прыкладам ва ўсім. Што хаваць: педагогу гэта ўдаецца. Ужо не адзін год Сяргей Верамейчык гуляе ў хакей. Па прыкладзе настаўніка на канькі сталі і яго навучэнцы.

“Для мяне хакей — гэта важнае захапленне, — прызнаецца С.Верамейчык. — З таго часу, як у Салігорску пачала працаваць лядовая арэна, не ўяўляю жыцця без шайбы і клюшкі. Дзеці з мінулых выпускаў, ведаючы, што гуляю ў хакей, таксама спрабавалі сябе ў гэтым кірунку. Некаторым падабалася, іншыя кідалі займацца гэтым відам спорту. Але гэта нармальна. Не паспрабаваўшы, не даведаешся, ці стане занятак хобі”.

Сёння ў 3 класе падрастаюць чатыры маленькія хакеісты. Тое, што яны выйшлі на лёд, заслуга настаўніка.

“Я рады, што магу падаць дзецям добры прыклад, — акцэнтуе ўвагу педагог. — Нават калі сённяшняе захапленне хакеем не стане для іх галоўным, яно будзе мець станоўчы эфект для здароўя. Што тычыцца маёй гульні, то два разы ў тыдзень я гуляю ў Мінску. Так, у педагогаў многа работы, але я ўпэўнены, што трэба знаходзіць час і на тое, што дапаможа пераключыцца з асноўнай дзейнасці, адпачыць. Калі настаўнік будзе задаволены сабой, ён і на ўрокі бу­дзе прыходзіць з іншым настроем, у яго будзе больш жадання і магчымасцей укладвацца ў работу”.

Источник https://nastgaz.by/sakrety-paspyahovaga-uzaemadzeyannya-z-batskami-vedae-nastaunik-pachatkovyh-klasau-syargej-veramejchyk/